Виталий Иванович Щербаков
Літаратурны экватар. Альманах. Выпуск 7. Мінск, “Ковчег”, 2018.
Таццяна Барысюк
Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2004 года.
Выступае як паэт, літаратуразнаўца, крытык, перакладчык і празаік.
ПЕРАКЛАДЫ з украінскай рускамоўнай паэзіі:
ВІТАЛЬ ШЧАРБАКОЎ
(н. 1946); паэт, празаік, перакладчык, фотамастак.
Жыве ў Нікапалі (Україна).
* * *
Н. Зонавай
Для нас расстанне — смерць.
І смерць і ўваскрасенне.
Вясёлкаю ў павець —
то, што было насеннем.
Нам дотык, зрок ці слых
душу не захвалююць.
Бог — суцяшэнне ўсіх —
абняў нас і цалуе.
Пачуцці ўмерлі й боль.
Душа святлом абнята.
Ты йдзеш — глядзі вакол —
травою непрымятай.
Дыханнем васількоў
ты ў часе-калыханцы,
А ў промняў — матылькоў
цякуць і ўюцца танцы.
(Нікапаль, Краснаярск, 1978;
пер. 3.06.2017)
Пушкін у школе
Альфа мяняецца тронамі
з мю, а пасля і з амегай.
Стэп затаптаны наш конямі.
Свет зноў пад снегам, пад снегам.
Слова было напачатку,
Потым прадстала Святлом.
Прэч ляцяць дні, ночы, даты.
Бог пры Саветах стаў злом.
Звычак забойчая раць —
Пушкіна слова страляць —
невукаў леных занятак.
Шлях міма значных глыбінь
і паўз анёльскіх вяршынь
вораг праклаў нам пракляты.
Страсць апашляць то, што светла!
“Будзеш зашмат, дружа, ведаць,
дык лепш выточвай балты!”
Табель з сабою забраўшы,
Пушкіна слова спазнаўшы,
мы прыадкрылі раты…
(Навасібірск, сакавік 1982;
Нікапаль, 1990; пер. 3.06.2017)
* * *
Ніцы Турбіной
Я Вам у знак удзячнасці
прынёс дар — ордэн Чалавека.
Хай мроі будуць значнымі,
а памяць стане вечнай.
Напружанне якое — Дзень —
й гармонія — Нірвана!
Кароткім стаў Ваш струшны цень,
самотнай стала мама.
Сама Паэзія злілася
з агністым промнем Сонца,
і ў неба сінь душа ўзнялася.
Вы проста ля аконца
глядзіце ў Вечнасць…
(Нікапаль, люты 1988; пер. 3.06.2017)
* * *
Тая, Тая, ты ўплятаеш
твар свой у мае радочкі,
паэтычныя, дарэчы,
ты — канвалія як быццам…
Ты прыход свой не зацягвай,
бачыш, ружы завядаюць,
гэтак можа крыж застацца,
ну, а тое нам навошта?
Не сумуй, бо гэта жарты,
а здарэнне адбылося,
што нас звязвае ў тым Шары,
на якім жывём з табою.
І не толькі ў Шары справа;
прастата так да адкрыцця
нас даводзіць: “Мы — Адно”.
Шмат у гэтай звязцы звенняў,
ды яны для нас — акно.
(Пасля званка і размовы з Таяй; Нікапаль – Масква,
Дзень Усіх Святых, 2008; пер. 04.08.2017)
Заклён
Ахоплены агнём званар на вежы,
канатам звіты, звон свой калыхаў.
Шугала полымя пад дах драпежна,
народ маліўся, бо агонь жахаў.
Як быццам блізіў хуткі паратунак,
вяроўку ён няспынна рваў і рваў.
Ці пра любоў ён слаў чародкі думак,
да вогнішча — усіх нас — запрашаў.
Я — той званар.
(Нікапаль, 1986; пер. 3.06.2017)